ЗАХО́ДНІЯ ГА́ТЫ, Сах’ядры,

горы ў Індыі, зах. ўзвышаны край п-ва Індастан. Даўж. каля 1800 км, выш. да 2698 м (г. Анаймуды). Зах. схіл — стромкі ступеньчаты абрыў Дэканскага пласкагор’я да Аравійскага м.; усх. — спадзіста-нахіленыя раўніны, якія зніжаюцца ў бок цэнтр. ч. Дэканскага пласкагор’я і п-ва Індастан. На Пд горставыя масівы (Нілгіры, Анаймалай, Палні, Кардамонавы горы) з рэзкімі контурамі грабянёў. На Пн плоскавяршынныя ступеньчатыя ўзвышшы. З.Г. падзелены папярочнымі тэктанічнымі далінамі.

Паўд. ч. складзена з гнейсаў і чарнакітаў, паўн. — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў на наветраных зах. схілах 2000—5000 мм за год, на ўсх. — 600—700 мм. Зах. схілы ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі, усх. — саваннамі і рэдкалессямі. Некалькі рэзерватаў.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)